Навелы
Шрифт:
— І ў вас, панове, я таксама прашу прабачэння. Але я папярэджваў загадзя, што не трэба ўскладаць на мяне вялікіх спадзяванняў. Прабачце, што я вось так ганебна скончыў гульню. Гэта апошні раз, што я спакусіўся гуляць у шахматы.
Ён пакланіўся і пайшоў з тым жа сціплым і загадкавым выглядам, з якім упершыню з’явіўся сярод нас. Я адзін ведаў, чаму гэты чалавек ніколі болей не дакранецца да шахмат, астатнія ж збянтэжана стаялі навокал, няясна здагадваліся, што нешта цёмнае і грознае пранеслася міма і ледзь не закранула іх.
— Damned fool! [70] — расчаравана прабурчаў Мак Конар.
Апошні ўстаў са свайго крэсла Чэнтавіч і кінуў яшчэ адзін позірк на незакончаную партыю.
— Шкада, — велікадушна сказаў ён. — Атака была зусім няблага задумана. Як на аматара гэты чалавек гуляе на рэдкасць таленавіта.
70
Пракляты дурань! (англ.)