Навелы
Шрифт:
Ну… не буду апісваць вам гэтых гадзін… гэта не паддаецца апісанню… я і сам жа не разумею цяпер, як можна было гэта перажыць і не… не звар’яцець… І… у дваццаць дзве хвіліны чацвёртай… я ведаю дакладна, бо глядзеў жа на гадзіннік… пачуўся раптоўны стук у дзверы… Я ўсхопліваюся з месца… усхопліваюся, як тыгр, які кідаецца на здабычу, адным скачком я ўжо каля дзвярэй, расчыняю іх… у калідоры маленькі кітаёнак нясмела працягвае мне запіску. Я выхопліваю ў яго з рук складзеную паперку, і ён знікае.
Разгортваю запіску, хачу прачытаць… і не магу… перад вачамі чырвоныя кругі… Уявіце сабе мае мукі… нарэшце, нарэшце я атрымаў ад яе адказ… а тут усё дрыжыць і скача ў вачах… Я акунаю галаву ў ваду… робіцца лепей… Зноў бяруся за запіску і чытаю:
«Позна! Але чакайце дома. Можа, я вас яшчэ паклічу».
Подпісу няма. Паперка скамячаная, адарваная ад нейкага старога праспекта… словы надрапаны алоўкам паспешна, сяк-так, не яе звычайным почыркам… Я сам не ведаю, чаму запіска гэтак узрушыла мяне… Нешта жахлівае, нешта таямнічае было ў гэтых радках, напісаных як бы ў час уцёкаў, стоячы дзе-небудзь каля падаконніка ці седзячы ў калясцы ў дарозе… Нейкім неапісальным жахам і холадам павеяла на мяне ад гэтай тайнай запіскі… і ўсё-такі… і ўсё-такі я быў шчаслівы — яна напісала мне, мне не трэба яшчэ паміраць, яна дазволіла, каб я дапамог ёй… можа… я мог бы…..о, я адразу перапоўніўся самымі нязбытнымі надзеямі і марамі… Сотні, тысячы разоў перачытваў я маленькую запіску, цалаваў яе… разглядваў, шукаў якое-небудзь забытае, незаўважанае слова… Усё смялей, усё блытаней рабіліся мае мары, гэта быў нейкі гарачкавы сон наяве… нейкае здранцвенне, тупое і разам з тым напружанае, паміж дрымотаю і няспаннем, якое цягнулася ці то чвэрць гадзіны, ці то цэлыя гадзіны…
Раптам я страпянуўся… Як быццам пастукалі?.. Я затоіў дыханне… хвіліна, дзве хвіліны мёртвай цішыні… А потым зноў ціхі, як бы мышыны шорах, ціхі, але настойлівы стук… Я ўскочыў — галава ў мяне кружылася, — ірвануў дзверы, за імі стаяў бой, яе бой, той, якога я тады пабіў… Яго карычневы твар быў попельна-бледны, яго трывожны позірк сведчыў аб няшчасці… Мною авалодаў жах…
— Што… што здарылася? — з цяжкасцю выціснуў я з сябе.
— Come quickly [51] , — адказаў ён… і больш нічога…
51
Ідзіце хутчэй (англ.).
Я адразу кінуўся ўніз па лесвіцы, ён за мною… Унізе стаяла «садо», маленькая каляска, мы селі…
— Што здарылася? — яшчэ раз спытаўся я…
Ён моўчкі зірнуў на мяне, увесь дрыжучы, сціснуўшы зубы… Я паўтарыў пытанне, але ён усё маўчаў і маўчаў… Я ахвотна яшчэ раз пабіў бы яго, але… мяне кранала яго сабачая адданасць ёй… і я не стаў болей пытацца… Каляска так хутка імчалася па ажыўленых вуліцах, што прахожыя з лаянкаю адскоквалі ўбок. Мы праехалі эўрапейскі квартал, берагам падаліся ў ніжні горад і ўляцелі ў шумную мітусяніну кітайскага квартала… Нарэшце мы звярнулі ў вузкую вулічку, дзесьці наводшыбе… спыніліся перад нізкаю халупаю… Домік быў брудны, урослы ў зямлю, з боку вуліцы — крамка, асветленая свечкаю з лою… адна з тых крамак, за якімі хаваюцца курыльні опіуму і публічныя дамы, зладзейскія прытоны і склады крадзеных рэчаў… Бой паспешна пастукаў у дзверы… Дзверы прачыніліся, са шчыліны пачуўся сіпаты голас… ён пытаўся і пытаўся… Я не вытрымаў, саскочыў з каляскі, штуршком адчыніў дзверы… Старая кітаянка спалохана ўскрыкнула і ўцякла… Бой увайшоў за мною, правёў мяне вузкім калідорам… адчыніў другія дзверы… дзверы ў цёмны пакой, дзе пахла гарэлкаю і згуслаю крывёю… Адтуль чуваць быў стогн… Я вобмацкам пачаў прабірацца наперад…
Зноў голас абарваўся. І калі ён потым прадоўжыў расказ, то ўжо не гаварыў, а хутчэй рыдаў.
— Я… я намацваў дарогу… і там… там, на бруднай цыноўцы… сагнутая ад болю… ляжала і стагнала чалавечая істота… там ляжала яна…
Я не бачыў яе твару… Мае вочы яшчэ не прывыклі да цемры… вобмацкам я знайшоў яе руку… гарачую… як агонь… У яе была гарачка, моцная гарачка… і я здрыгануўся… я адразу зразумеў усё… Яна збегла сюды ад мяне… дала скалечыць сябе… першай сустрэчнай бруднай старой кітаянцы, толькі таму, што баялася агалоскі… дала нейкай вядзьмарцы забіць сябе, каб толькі не даверыцца мне… Толькі таму, што я, вар’ят… не злітаваўся з яе, з яе гонару, не дапамог ёй адразу… таму што смерці яна баялася меней, чым мяне…
Я крыкнуў, каб прынеслі святло. Бой ускочыў; агідная старая дрыготкімі рукамі прынесла закураную газавую лямпу… Я ледзь стрымаўся, каб не ўчапіцца жаўтатварай карзе ў горла… Лямпу паставілі на стол… жоўтае святло ўпала на змардаванае цела… І раптам… раптам з мяне як рукою зняло ўсё маё замарачэнне і злосць, увесь гэты нячысты накіп пачуццяў… цяпер я быў толькі ўрач, чалавек, які памагаў, аглядаў, быў узброены ведамі… Я забыўся пра сябе… мой розум праясніўся, і я пачаў змагацца з надыходзячым жахам… Голае цела, пра якое я марыў так моцна, я ўспрымаў цяпер толькі як… ну, як бы гэта сказаць… як матэрыю, як арганізм… я не адчуваў, што гэта яна, я бачыў толькі жыццё, якое змагалася са смерцю, чалавека, які курчыўся ў жахлівых пакутах… Яе кроў, яе гарачая свяшчэнная кроў цякла па маіх руках, але я не адчуваў ні хвалявання, ні жаху… я быў толькі ўрач… я бачыў толькі пакуты… і ўбачыў…
І ўбачыў адразу, што ўсё марна, што толькі цуд можа выратаваць яе… Яна была скалечана няўмелаю, злачыннаю рукою і сплывала крывёю… а ў мяне ў гэтым гнюсным прытоне не было нічога, каб спыніць кроў, не было нават чыстай вады… Усё, да чаго я дакранаўся, было бруднае…
— Трэба зараз жа ў бальніцу, — сказаў я. Але не паспеў я скончыць, як хворая сутаргавым намаганнем прыўзнялася на цыноўцы.
— Не… не… лепш памерці… каб ніхто не даведаўся… ніхто не даведаўся… Дадому… дадому!..
Я зразумеў… толькі за сваю таямніцу, за свой гонар змагалася яна… не за жыццё… І я падпарадкаваўся… Бой прынёс насілкі… мы паклалі яе, знясіленую, у гарачцы… і як… труп панеслі праз начную цемру… дадому. Не сталі адказваць на спалоханыя пытанні разгубленых слуг… як зладзеі, прайшлі ў яе пакой і замкнулі дзверы… А потым… потым пачалася барацьба, доўгая барацьба са смерцю…
Раптам у маё плячо сутаргава ўчапілася рука, і я ледзь не ўскрыкнуў ад спалоху і болю. Яго твар раптам нечакана наблізіўся да майго, я ўбачыў белыя ашчэраныя зубы і шкельцы акуляраў, якія зіхацелі ў водбліску месячнага святла, быццам пара вялізных кашэчых вачэй. І ён ужо не гаварыў — ён крычаў у прыпадку нястрымнага гневу:
— Ці ведаеце вы, вы, чужы чалавек, які спакойна сядзіць тут у крэсле, падарожнічае па свеце, ці ведаеце вы, што гэта такое, калі памірае чалавек? Ці былі вы калі-небудзь пры гэтым, ці бачылі вы, як курчыцца цела, як пасінелыя пазногці ўпіваюцца ў пустату, як хрыпіць гартань, як кожны член супраціўляецца, кожны палец змагаецца з жахлівым прывідам, як вочы вылазяць з арбіт ад страху, які не выказаць словамі? Ці прыходзілася вам перажываць гэта, вам, гуляшчаму чалавеку, турысту, вам, які разважае пра абавязак дапамагаць блізкаму? Я часта бачыў усё гэта, назіраў як урач… Гэта былі для мяне клінічныя выпадкі, штосьці фактычнае… я, так сказаць, вывучаў гэта — але перажыў толькі адзін раз… Я разам з паміраючай перажываў гэта і паміраў разам з ёю ў тую ноч… у тую жахлівую ноч, калі сядзеў побач з ёю і мучыў свой мозг, спрабуючы знайсці, прыдумаць, вынайсці што-небудзь, каб спыніць кроў, якая ўсё лілася і лілася, зменшыць гарачку, якая спальвала гэтую жанчыну на маіх вачах… адвесці смерць, якая ўсё набліжалася і набліжалася і якую я не мог адагнаць ад ложка. Ці разумееце вы, што гэта такое — быць урачом, ведаць усё пра ўсе хваробы, адчуваць на сабе абавязак дапамагчы, як вы гэтак разумна заўважылі, і ўсё-такі сядзець без усякай карысці побач з паміраючай, ведаць і быць бяссільным… ведаць толькі адно, толькі жахлівую праўду, што дапамагчы нельга… нават калі разрэзаць сабе ўсе вены… Бачыць, як бездапаможна сплывае крывёю любімае цела, як яго мучыць боль, лічыць пульс, часты і перарывісты… які затухае ў цябе пад пальцамі… быць урачом і не ведаць нічога, нічога, нічога… толькі сядзець і то мармытаць малітвы, як старэнькая бабулька, то гразіць кулаком нікчэмнаму богу, пра якога ты ведаеш, што яго няма… Ці разумееце вы гэта? Разумееце?.. Я… я толькі аднаго не разумею, як… як можна не памерці ў такія хвіліны… як можна спаць і прачнуцца раніцаю, чысціць зубы, завязваць гальштук… як можна жыць пасля таго, што я перажыў; адчуваць, што гэтае жывое дыханне, што гэты першы і адзіны чалавек, за якога я так змагаўся, якога хацеў утрымаць усімі сіламі сваёй душы, выслізгвае ад мяне кудысьці ў невядомае, выслізгвае ўсё хутчэй з кожнай хвілінай, і я нічога не знаходжу ў сваім запаленым мозгу, што магло б утрымаць гэтага чалавека…
І да таго ж яшчэ, каб падвоіць мае пакуты, яшчэ вось гэта… Калі я сядзеў каля яе ложка — я даў ёй морфію, каб зменшыць боль, і глядзеў, як яна ляжыць з гарачымі шчокамі, гарачая і бледная, — так… калі я так сядзеў, я ўвесь час адчуваў ззаду чыйсьці позірк, скіраваны на мяне з жудасным напружаннем… Гэта бой сядзеў там на дыбачках, на падлозе, і шаптаў нейкія малітвы… Калі нашы позіркі сустракаліся, я чытаў у яго вачах… не, я не магу вам апісаць… чытаў такую просьбу, такую ўдзячнасць, і ў гэтыя хвіліны ён працягваў да мяне рукі, быццам заклінаў мяне выратаваць яе, вы разумееце — да мяне, да мяне працягваў рукі, як да бога… да мяне… а я ведаў, што я бяссільны, ведаў, што ўсё прапала і што я тут гэтак жа патрэбны, як мурашка, якая поўзае па падлозе… Ах, гэты позірк, як ён мяне мучыў, гэтая фанатычная, сляпая вера ў маё майстэрства… Мне хацелася крыкнуць на яго, ударыць нагою, так балюча рабіў ён мне… і ўсё-такі я адчуваў, што мы абодва звязаны нашым каханнем да яе… і таямніцай… Як звер, які прытаіўся для скачка, сядзеў ён, сціснуты ў клубок, за маёю спінаю… Варта мне было сказаць слова, як ён ускокваў з месца і, бясшумна ступаючы босымі нагамі, прыносіў патрэбнае, а потым, поўны надзеі, падаваў мне яго дрыготкімі рукамі, як быццам у гэтым была дапамога… выратаванне… Я ведаю, ён разрэзаў бы сабе вены, каб ёй дапамагчы… такою была гэтая жанчына, такую ўладу мела яна над людзьмі, а я… у мяне не было ўлады выратаваць кроплю яе крыві… О, гэтая ноч, гэтая жудасная, бясконцая ноч паміж жыццём і смерцю!
Пад раніцу яна яшчэ раз апрытомнела… расплюшчыла вочы… цяпер у іх не было ні пагарды, ні халоднасці… яны гарэлі вільготным, ліхаманкавым бляскам, і яна са здзіўленнем аглядвала пакой. Потым зірнула на мяне; здавалася, яна задумалася, намагалася ўспомніць, дзе бачыла мой твар… і раптам… я ўбачыў… яна ўспомніла… Нейкі спалох, абурэнне… штосьці… штосьці варожае, гнеўнае перакрывіла яе рысы… яна пачала варушыць рукамі, быццам хацела ўцякаць… прэч, прэч ад мяне… Я бачыў, што яна думае аб той… аб той гадзіне, калі я… Але потым яна прыйшла да памяці, спакойней зірнула на мяне, але дыхала цяжка… Я адчуваў, што яна хоча штосьці сказаць… зноў яе рукі заварушыліся… яна хацела прыўзняцца, але была занадта слабая… Я пачаў супакойваць, нахіліўся над ёю… тут яна паглядзела на мяне доўгім, пакутлівым позіркам… вусны ціха зварухнуліся… гэта згасалі яе апошнія гукі… Яна сказала: