Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Навелы

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Цяпер я зноў належала сабе; я паспяшалася ў свой гатэль. І ледзь я засталася адна, як мяне зноў ахапіла пачуццё пустаты і пакінутасці і прачнулася — відаць, у сувязі з гэтым — туга па гэтым юнаку, з якім я сёння павінна была развітацца назаўсёды. Я мітусілася па пакоі, без патрэбы высоўвала шуфляды, змяніла сукенку, стужку; потым я стаяла перад люстэркам і дапытлівым позіркам разглядвала сябе: можа, у такім уборы я ўсё-такі змагу прыкаваць яго ўвагу. І раптам я зразумела, чаго хачу: пайсці на ўсё, толькі не адпускаць яго! На працягу адной важнай секунды гэтае жаданне стала рашэннем. Я збегала ўніз да парцье і паведаміла яму, што ад’язджаю вячэрнім цягніком. Трэба было спяшацца: я пазваніла пакаёўцы, каб яна памагла ўпакаваць рэчы — час падганяў; і пакуль мы з ёю паспешна, навыперадкі складвалі ў чамаданы сукенкі і ўсякую драбязу, я марыла аб тым, як буду праводзіць яго і ў апошні, самы апошні момант, калі ён ужо падасць мне руку на развітанне, раптам, на яго здзіўленне, увайду ў купэ, каб правесці з ім гэтую ноч, і яшчэ адну — столькі, колькі ён захоча. Я была ў нейкім чадзе захаплення; кідаючы сукенкі ў чамаданы, я, на здзіўленне пакаёўкі, гучна смяялася. Я цьмяна ўсведамляла, што ў галаве ў мяне ўсё пераблыталася. Калі слуга прыйшоў па багаж, я неўразумела зірнула на яго: цяжка было думаць аб такіх звычайных рэчах, калі я сябе не помніла ад хвалявання.

Часу было мала: відаць, вось-вось праб’е сем гадзін, да адыходу цягніка заставалася ў лепшым выпадку дваццаць хвілін; праўда, суцяшала я сябе, я іду не дзеля таго, каб развітацца, калі я надумала суправаджаць яго, суправаджаць да таго часу, пакуль яму гэта будзе пажадана. Слуга вынес чамаданы, а я пабегла да касы гатэля, каб заплаціць па рахунку. Адміністратар ужо працягваў мне рэшту, я ўжо збіралася ісці, як раптам чыясьці рука ласкава дакранулася да майго пляча. Я здрыганулася. Гэта была мужава стрыечная сястра; устрывожаная недамаганнем, якое я перад ёю разыграла, яна прыйшла наведаць мяне. У мяне пацямнела ў вачах. Я не магла прыняць яе: кожная секунда магла аказацца пагібельнай; але ветлівасць абавязвала мяне ўдзяліць ёй хоць крыху ўвагі.

— Ты павінна легчы ў ложак, — настойвала яна, — я ўпэўнена, што ў цябе гарачка.

Мусіць, гэтак яно і было, бо ў скронях у мяне стукала, перад вачамі мільгалі сінія кругі — яшчэ крыху, і я магла б страціць прытомнасць. Я адмовілася легчы і падзякавала ёй за спагаду, хоць кожнае слова пякло, як агнём, і мне вельмі хацелася выштурхнуць яе вон разам з яе надакучлівымі клопатамі. Але няпрошаная госця ўсё не ішла і не ішла; яна прапанавала мне адэкалону, не паленавалася сама пацерці мне скроні, а я лічыла хвіліны, думала аб ім, ламала галаву, як бы мне пазбавіцца ад гэтай пакутлівай спагады. І чым болей я хвалявалася, тым мацней рабілася яе трывога за мяне; нарэшце яна паспрабавала ледзь не сілаю прымусіць мяне падняцца ў нумар і легчы. Але раптам — сярод яе ўгавораў — я кінула позірк на гадзіннік, які вісеў у вестыбюлі: дваццаць восем хвілін на восьмую, а ў сем трыццаць пяць адыходзіць цягнік. І рэзка, парывыста, з грубаю роспачнаю абыякавасцю я сунула стрыечнай мужавай сястры руку: «Бывай, мне трэба ісці» і, не звяртаючы ўвагі на яе неўразумелы позірк, стрымгалоў прабегла міма здзіўленых лакеяў, выскачыла на вуліцу, кінулася да вакзала. Ужо па ўсхваляванай жэстыкуляцыі слугі, які чакаў мяне з багажом на пероне, я зразумела, што пазнюся. Я рванулася да бар’ера, але мяне спыніў кантралёр: я забылася ўзяць білет. І пакуль я адчайна ўгаворвала яго прапусціць мяне, цягнік крануўся з месца; дрыжучы ўсім целам, я напружана ўглядвалася, спадзеючыся злавіць у адным з акон хоць позірк, ці прывітанне, ці знак рукою. Але ў паспешным бегу цягніка я ўжо не магла распазнаць яго твар. Усё хутчэй каціліся вагоны, і праз хвіліну перад маімі невідушчымі вачамі не засталося нічога, акрамя чорнага дымнага воблака.

Доўга я прастаяла, як скамянелая, бо слуга, відаць, некалькі разоў спрабаваў загаварыць са мною, перш чым адважыўся крануць мяне за руку. Тут толькі я ачнулася. Занесці рэчы назад у гатэль? Прайшло хвіліны дзве, пакуль я сабралася з думкамі; не, гэта немагчыма. Вярнуцца туды пасля недарэчнага, раптоўнага ад’езду — не, нізашто на свеце. Мне хацелася хутчэй застацца адной, і я загадала здаць рэчы ў камеру захавання. І толькі цяпер, у вакзальнай мітусні, у кругавароце мноства твараў, я паспрабавала абдумаць, цвяроза абдумаць, як пераадолець пачуццё гневу, тугі і роспачы, якое балюча душыла мяне, бо — павінна прызнацца — думка, што я па сваёй віне прапусціла апошнюю сустрэчу, пякла мяне, як распаленым железам. Боль рабіўся ўсё больш нясцерпным, і я ледзь стрымлівалася, каб не закрычаць. Мусіць, толькі ў непаўторныя хвіліны жыцця ў людзей бываюць такія раптоўныя, як лавіна, імклівыя, як бура, выбухі пачуццяў, калі ўсе пражытыя гады, увесь цяжар нерастрачаных сіл адразу навальваецца на чалавека. Ніколі ні дагэтуль, ні пазней не адчувала я такога крушэння надзей, такой бяссільнай злосці, як у тую хвіліну, калі я адважылася на самы рызыкоўны крок, адважылася адным ударам разбурыць усё сваё зберажонае, назапашанае, наладжанае жыццё і раптам апынулася перад неадольнаю, бяссэнсаваю сцяною, аб якую бездапаможна білася маё пачуццё.

Тое, што я рабіла потым, было, канечне, гэтак жа бяссэнсава; гэта было недарэчна, неразумна, мне нават сорамна пра гэта расказваць — але я абяцала сабе, абяцала вам нічога не ўтойваць: я… я хацела вярнуць яго сабе… гэта значыць, вярнуць тыя імгненні, якія правяла з ім… мяне нястрымна цягнула туды, дзе напярэдадні мы былі разам… да лаўкі, з якой я яго падняла, у гульнёвую залу, дзе я яго ўпершыню ўбачыла, і нават у той прытон, толькі б яшчэ раз усё перажыць зноў. А назаўтра я збіралася ўзяць экіпаж і паехаць па Карнішы, па той самай дарозе, каб кожнае слова, кожны жэст зноў паўсталі перада мною, — сапраўды, такою вялікаю, такою дзіцячаю была мая збянтэжанасць. Але падумайце, як маланкава зваліліся на мяне ўсе гэтыя падзеі, — я адчувала іх як адзін ашаламляльны ўдар. І цяпер, гэтак груба абуджаная ад свайго ап’янення, я хацела яшчэ раз, кропля за кропляю, упіцца мімалётна перажытым з дапамогаю таго магічнага самападману, які мы завём успамінам; канечне, такое жаданне не кожны зразумее. Можа, каб зразумець гэта, патрэбна палымянае сэрца.

Дык вось, я перш за ўсё пайшла ў казіно, каб знайсці стол, за якім ён сядзеў, і там сярод другіх рук уявіць сабе яго рукі. Я ўвайшла ў залу. Я помніла, дзе ён сядзеў, калі я ўпершыню ўбачыла яго, за сталом злева, у другім пакоі. Мне гэтак выразна ўяўляўся кожны яго рух, што я з заплюшчанымі вачамі, вобмацкам знайшла б яго месца. Увайшоўшы ў залу, я накіравалася туды. І вось… калі я ў дзвярах зірнула на натоўп, са мною адбылося нешта дзіўнае… там, на тым жа месцы, дзе я яго сабе ўяўляла, там сядзеў… няўжо гэта ліхаманкавае трызненне, галюцынацыя?.. ён, сапраўды, ён… ён, дакладна такі, якім толькі што ўяўляла яго мая фантазія… дакладна такі, як учора, ён, бледны, як прывід, не зводзячы вачэй з шарыка…. але гэта быў ён… канечне, ён…

Я так спалохалася, што ледзь не ўскрыкнула. Але ўяўленне было настолькі недарэчнае, што я тут жа авалодала сабою і заплюшчыла вочы. «Ты з глузду з’ехала… ты трызніш… у цябе гарачка… — гаварыла я сабе. — Гэта ж немагчыма, табе здалося… Паўгадзіны таму назад ён паехаў».

Толькі пасля гэтага я зноў расплюшчыла вочы. Але, гэта было жахліва, прывід не знік: ніякага сумнення — ён па-ранейшаму сядзеў там… сярод мільёнаў рук я пазнала б гэтыя рукі… не, мне не трызнілася, гэта быў сапраўды ён. Ён не паехаў, як пакляўся, вар’ят сядзеў тут, ён прынёс сюды, на зялёны стол, грошы, якія я дала яму на дарогу, і, зусім самазабыўна, аддаваўся свайму згубнаму захапленню — гульні, пакуль я роспачна рвалася да яго ўсім сэрцам.

Шалёны гнеў авалодаў мною; усё паплыло ў мяне перад вачамі, і я ледзь не кінулася да яго, каб схапіць за горла клятвапарушальніка, які гэтак бессаромна падмануў мой давер, абразіў мае пачуцці, маю адданасць. Але я яшчэ знайшла ў сабе сілу стрымацца. З наўмыснай маруднасцю (чаго гэта мне каштавала!) падышла я да стала і спынілася якраз перад ім; нейкі пан ветліва ўступіў мне месца. Два метры зялёнага сукна раздзялялі нас, і я магла, як з тэатральнай ложы, глядзець на яго, бачыць той самы твар, які дзве гадзіны назад быў азораны ўдзячнасцю, ззяў боскаю ласкаю, а цяпер зноў перакрывіўся ад пякельных пакут згубнага захаплення гульца. Рукі, тыя самыя рукі, што сёння ўдзень у экстазе свяшчэннай клятвы сціскалі спінку малітоўнай лаўкі, як сладастрасныя вампіры, перабіралі грошы. Ён выйграў, мусіць, шмат, вельмі шмат выйграў: перад ім вырасла бязладная куча жэтонаў, луідораў і банкнотаў — хаатычнае нагрувашчанне багацця, у якім шчасліва пацягваліся, купаліся пальцы, яго дрыготкія нервовыя пальцы. Я бачыла, як яны з любасцю разгладжвалі і складвалі паперкі, круцілі і качалі залатыя манеты, потым раптам шпурлялі прыгаршчу іх на адзін з квадратаў. І адразу крылы носа пачыналі ўздрыгваць, вокрык круп’е адрываў яго прагныя, бліскучыя вочы ад грошай, ён пільна сачыў за шарыкам, які падскокваў і дробна стукаў; ён увесь паглыбіўся ў гэтае сузіранне, і толькі локці, здавалася, былі прыбітыя да зялёнага стала. Яшчэ страшней, яшчэ жахлівей, чым у мінулы вечар, праяўлялася яго апантанасць, бо кожны рух забіваў ува мне той, другі, быццам на залатым полі ззяючы вобраз, які я легкаверна захавала ў сваім сэрцы.

Мы за два метры адно ад аднаго; я пільна глядзела на яго, але ён не заўважаў мяне. Ён не бачыў мяне, ён нікога не бачыў: позірк яго то адрываўся ад грошай перад ім, то ліхаманкава сачыў за шарыкам, калі той пачынаў круціцца, то зноў утаропліваўся на грошы; у гэтым замкнутым коле круціліся ўсе яго думкі і пачуцці; увесь свет, усё чалавецтва зводзілася для гэтага маньяка да кавалка падзеленага на квадраты зялёнага сукна. І я ведала, што магу стаяць тут гадзінамі — ён нават не заўважыць маёй прысутнасці.

Але я не магла болей трываць. Раптам я адважылася, абагнула стол, падышла да яго ззаду і моцна ўчапілася ў яго плячо. Ён павярнуўся і неўразумела паглядзеў на мяне ашклянелымі вачамі, зусім як п’яны, якога толькі што расштурхалі і які глядзіць спрасонку мутнымі, невідушчымі вачамі. Потым ён, здавалася, пазнаў мяне, яго дрыготкія губы разамкнуліся, ён радасна зірнуў на мяне і прашаптаў таямніча і як бы па сакрэце:

— Усё добра… Я так і ведаў, калі ўвайшоў і ўбачыў, што ён тут… Я так і ведаў…

Поделиться:
Популярные книги

Темный Лекарь 9

Токсик Саша
9. Темный Лекарь
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 9

Старый, но крепкий

Крынов Макс
1. Культивация без насилия
Фантастика:
рпг
уся
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Старый, но крепкий

Двойник короля 20

Скабер Артемий
20. Двойник Короля
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Двойник короля 20

Приказано выжить!

Малыгин Владимир
1. Другая Русь
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
7.09
рейтинг книги
Приказано выжить!

Воплощение Похоти

Некрасов Игорь
1. Воплощение Похоти
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Воплощение Похоти

Паладин из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
1. Соприкосновение миров
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
6.25
рейтинг книги
Паладин из прошлого тысячелетия

Адепт. Том второй. Каникулы

Бубела Олег Николаевич
7. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.05
рейтинг книги
Адепт. Том второй. Каникулы

Первый среди равных. Книга IX

Бор Жорж
9. Первый среди Равных
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Первый среди равных. Книга IX

Серые сутки

Сай Ярослав
4. Медорфенов
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Серые сутки

Магия чистых душ

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.40
рейтинг книги
Магия чистых душ

Черный Маг Императора 6

Герда Александр
6. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 6

Последний Паладин. Том 8

Саваровский Роман
8. Путь Паладина
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 8

Бастард Императора. Том 11

Орлов Андрей Юрьевич
11. Бастард Императора
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 11

Внук сотника

Красницкий Евгений Сергеевич
1. Отрок
Приключения:
исторические приключения
9.01
рейтинг книги
Внук сотника