Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Навелы

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

— Ведаеш… я хацела сказаць табе… Але раней скажы ты мне: табе не кінулася ў вочы, што ў апошнія дні з нашай фрэйлен нешта не тое?

Другая задумваецца.

— Але, — кажа яна пасля паўзы, — хоць я і не ведаю дакладна, што з ёю. Яна болей не такая строгая, як раней. Нядаўна я два дні не рыхтавала ўрокаў, і яна мне нічога не сказала. І потым яна нейкая такая… не ведаю, як тут сказаць. Я думаю, ёй болей не да нас, яна ўвесь час сядзіць збоку і не гуляе з намі, як раней.

— Мне здаецца, у яе вялікае гора, але яна не хоча гэтага паказаць. І на раялі яна болей не іграе.

Зноў маўчанне. Старэйшая сястра напамінае:

— Ты хацела нешта расказаць.

— Так, але не кажы нікому, ніводнаму чалавеку — ні маме, ні сяброўцы.

— Не, не скажу, — у яе голасе гучыць нецярпенне. — Дык што там такое?

— Вось што… Цяпер, калі мы клаліся спаць, я раптам успомніла, што забылася сказаць фрэйлен дабранач. Чаравікі я ўжо зняла, але ўсё-такі пабегла да яе ў пакой, ціхенька-ціхенька, ведаеш, каб усё было неспадзеўкі. Я вельмі асцярожна адчыняю дзверы. Спачатку мне здалося, што яе няма ў пакоі. Святло гарыць, а яе я не бачу. І раптам — я так спалохалася — чую, нехта плача, і бачу тут — яна, адзетая, ляжыць на ложку, галавою ў падушцы. Так яна плакала, што я аж здрыганулася. Але яна мяне не заўважыла. І я зноў ціхенька зачыніла дзверы. Я так дрыжала, што нейкі час не магла зрушыцца з месца. Потым зноў пачула праз дзверы, што яна плача, зусім выразна пачула, і хутчэй пабегла ўніз.

Абедзве маўчаць. Потым адна ледзь чутна кажа:

— Бедная фрэйлен.

Словы трапечуць у пакоі, і іх гук губляецца і замірае ў цемры.

— Хацела б я ведаць, чаму яна плакала, — пачынае малодшая. — Яна ж ні з кім не сварылася ў апошнія дні, мама таксама, нарэшце, пакінула яе ў спакоі, не прыдзіраецца вечна, а мы ўжо пэўна ёй нічога не зрабілі. Чаму ж яна гэтак плача?

— Я, здаецца, ведаю, — гаворыць старэйшая.

— Чаму, скажы мне, чаму?

Сястра марудзіць адказваць. Нарэшце кажа:

— Я думаю, яна закахалася.

— Закахалася? — Малодшая аж падскочыла на ложку. — Закахалася? У каго?

— Ты нічога не заўважыла?

— Няўжо ў Ота?

— Ты думаеш? А не ён у яе? Ён ужо тры гады як вучыцца тут і жыве ў нас, але дагэтуль ніколі не гуляў з намі. Чаму ж ён цяпер у апошнія месяцы гуляе з намі раптам кожны дзень? Ці ж быў ён калі-небудзь ласкавы са мною ці з табою, пакуль не было фрэйлен? А цяпер ён увесь дзень круціцца вакол нас. Мы заўсёды сустракаем яго выпадкова, выпадкова, куды б ні пайшлі з фрэйлен, — у Народны сад, у Гарадскі парк, у Пратэр. Няўжо табе гэта не кінулася ў вочы?

Малодшая зусім спалохана выціскае з сябе:

— Але… але, канечне, я гэта заўважыла. Толькі я думала, што…

Голас ёй здраджвае. Яна больш нічога не можа сказаць.

— Раней я гэтаксама думала, бо мы, дзяўчынкі, заўсёды такія дурніцы. Але я хутка заўважыла, што мы ў яго толькі зачэпка.

Цяпер абедзве маўчаць. Гутарка быццам скончылася.

Абедзве паглыбіліся ў думкі, а мо яны ўжо сняць што-небудзь?

Але яшчэ раз з цемры чуваць разгублены голас малодшай:

— Але чаму тады яна плача? Яна ж яму падабаецца. А я заўсёды думала: закаханыя адчуваюць сябе цудоўна.

— Не ведаю, — гаворыць старэйшая сонным голасам, — я таксама думала, што гэта вельмі цудоўна.

І яшчэ раз, ціха і жаласліва, вылятае з вуснаў паўсоннай дзяўчынкі:

— Бедная фрэйлен!

У пакоі ўсталёўваецца цішыня.

Назаўтра яны пра гэта болей не гавораць, але, як тая, так і другая, адчуваюць, што думкі іх круцяцца вакол аднаго. Яны пазбягаюць адна аднае, не глядзяць у вочы, але позіркі іх міжвольна сустракаюцца, калі яны тайком пазіраюць на гувернантку. За сталом яны сочаць за стрыечным братам Ота, які ўжо гадамі жыве ў іх доме, як за чужым. Яны з ім не размаўляюць, але пад апушчанымі павекамі вочы іх скоса глядзяць, ці не дасць ён знак фрэйлен. Абедзве ахоплены непакоем. Пасля абеду яны не гуляюць, як звычайна, а, узбуджаныя жаданнем разгадаць таямніцу, робяць незразумелыя і нікому не патрэбныя рэчы. Толькі ўвечары адна холадна пытаецца ў другой, як быццам ёй гэта ўсё роўна:

— Ты зноў што-небудзь заўважыла?

— Не, — адказвае сястра і адварочваецца.

Абедзве як бы баяцца размаўляць. І так праходзіць некалькі дзён, дзяўчынкі моўчкі сочаць і падглядваюць, міжвольна ў сваім непакоі адчуваюць блізкасць хвалюючай таямніцы.

Нарэшце, праз некалькі дзён, малодшая за абедам заўважае, што гувернантка непрыкметна робіць Ота знак вачамі. Ён адказвае кіўком галавы. Дзяўчынка дрыжыць ад хвалявання. Пад сталом яна ціхенька дакранаецца да рукі старэйшай сястры. Калі тая паварочваецца, яна кідае на яе бліскучы позірк, і тая адразу разумее гэты жэст і таксама пачынае хвалявацца.

Ледзь яны ўсталі з-за стала, як гувернантка звяртаецца да дзяўчынак:

— Ідзіце ў свой пакой і займіцеся крыху чым-небудзь. У мяне баліць галава, і я хачу адпачыць з паўгадзіны.

Дзеці апускаюць вочы. Яны лёгенька дакранаюцца рукамі адна да аднае, нібы хочуць звярнуць на гэта ўвагу. Ледзь толькі гувернантка знікае, малодшая адразу падскоквае да сястры:

— Глядзі, зараз Ота пойдзе да яе ў пакой.

— Канечне. Таму яна нас і адаслала.

— Давай падслухаем каля дзвярэй!

— А раптам хто-небудзь прыйдзе?

— А хто ж можа прыйсці?

— Мама.

Дзяўчынка палохаецца.

— Але, канечне…

— Ведаеш што? Я буду падслухоўваць каля дзвярэй, а ты застанешся ў калідоры і дасі мне знак, калі хто-небудзь прыйдзе. Так будзе больш надзейна.

Малодшая хмурыцца.

— Але ж ты мне нічога не раскажаш!

— Раскажу!

— Усё раскажаш? Папраўдзе ўсё?

— Але, чэснае слова. А ты кашляй, калі пачуеш, што хто-небудзь ідзе.

Яны чакаюць у калідоры, усхваляваныя, іх сэрцы трывожна б’юцца. Што ж тут будзе? Яны моцна прыціскаюцца адна да аднае.

Крокі. Іх як ветрам здзьмула. Далей у цемру. Так і ёсць: гэта Ота. Ён бярэцца за ручку, дзверы за ім зачыняюцца. Старэйшая маланкаю імчыцца ўслед, прыкладвае вуха да дзвярэй, прыслухоўваецца, затаіўшы дыханне. Малодшая з зайздрасцю глядзіць на яе. Цікаўнасць не дае ёй спакою, цягне з паста. Яна падкрадваецца да сястры, але тая сярдзіта адштурхоўвае яе назад. І зноў яна чакае ў калідоры, праходзяць дзве-тры хвіліны, яны здаюцца ёй вечнасцю. Яе грызе нецярпенне, яна падскоквае, як на гарачым вуголлі, гатовая заплакаць ад хвалявання і злосці, што сястра ўсё чуе, а яна нічога. Але вось дзесьці ў пакоі ў канцы калідора стукаюць дзверы. Яна кашляе. Абедзве стрымгалоў кідаюцца прэч, у свой пакой. Там яны стаяць з хвіліну, пераводзяць дыханне, іхнія сэрцы моцна б’юцца.

Поделиться:
Популярные книги

Убивать чтобы жить 5

Бор Жорж
5. УЧЖ
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 5

Прапорщик. Назад в СССР. Книга 7

Гаусс Максим
7. Второй шанс
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Прапорщик. Назад в СССР. Книга 7

#НенавистьЛюбовь

Джейн Анна
Любовные романы:
современные любовные романы
6.33
рейтинг книги
#НенавистьЛюбовь

Лекарь Империи 10

Карелин Сергей Витальевич
10. Лекарь Империи
Фантастика:
городское фэнтези
боевая фантастика
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Лекарь Империи 10

Паладин из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
1. Соприкосновение миров
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
6.25
рейтинг книги
Паладин из прошлого тысячелетия

Эпоха Опустошителя. Том VIII

Павлов Вел
8. Вечное Ристалище
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Эпоха Опустошителя. Том VIII

Цикл романов "Целитель". Компиляция. Книги 1-17

Большаков Валерий Петрович
Целитель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Цикл романов Целитель. Компиляция. Книги 1-17

География растений

Гумбольдт Александр
Классики естествознания
Научно-образовательная:
ботаника
7.50
рейтинг книги
География растений

Печать мастера

Лисина Александра
6. Гибрид
Фантастика:
попаданцы
технофэнтези
аниме
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Печать мастера

Вторая жизнь майора. Цикл

Сухинин Владимир Александрович
Вторая жизнь майора
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Вторая жизнь майора. Цикл

Князь Серединного мира

Земляной Андрей Борисович
4. Страж
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Князь Серединного мира

Справочник логопеда

Коллектив авторов
Научно-образовательная:
медицина
6.25
рейтинг книги
Справочник логопеда

Тринадцатый VII

NikL
7. Видящий смерть
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.25
рейтинг книги
Тринадцатый VII

Я еще не бог. Книга XXXV

Дрейк Сириус
35. Дорогой барон!
Фантастика:
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Я еще не бог. Книга XXXV