Таямнічы надпіс
Шрифт:
— Якую сустрэчу? — насцярожана перапытаў Болцікаў, але адразу ж, успомніўшы, зноў усміхнуўся аднымі вуснамі.— Ах, так… Памятаю, памятаю, а як жа. Толькі ведаеце што, прыходзьце пазней, гэтак гадзін у дзесяць вечара, тады ўжо нам ніхто перашкаджаць не будзе…
— Мне ўсё роўна, глядзіце, каб вам было зручна, — знешне спакойна адказала Зінаіда Антонаўна і накіравалася да дзяцей.
Спакой яе быў толькі знешні, унутрана яна з вялікім хваляваннем чакала гэтай сустрэчы. Круглы цёзка яе партызанскага сябра Сцяпана Казімірава зацікавіў Зінаіду Антонаўну яшчэ пры першай сустрэчы, там, у кабінеце начальніка будаўніцтва. Але асабліва яе трывога ўзрасла пасля сённяшняй размовы з Васільком і Толем. Хлопцы расказалі, што шафёр дваццаціпяцітоннага МАЗа просіць дзённік Сцёпы. Ды яшчэ як просіць: не ў яе, а ў Васілька і не адкрыта, а тайна, з пагрозамі. А галоўнае, што гэтага шафёра і вартаўніка яна некалькі разоў бачыла разам. Усё гэта вельмі непакоіла яе, і яна спадзявалася, што сустрэча з кульгавым вартаўніком многае растлумачыць.
Як толькі Зінаіда Антонаўна адышла, Болцікаў, зладзеявата азірнуўшыся, накіраваўся проста да Антака, які, падняўшы капот, засяроджана корпаўся ў маторы.
— Ужо! — таямніча шапнуў Болцікаў.
— Што ўжо?
— Напамінала пра сустрэчу.
— Ну і што? — суха запытаў Антак.
— Табе «ну і што»! — раптам ускіпеў Болцікаў.— Ты — калі што — хвастом накрыўся, і шукай ветру ў полі. У цябе сувязі, яўкі… А мне куды загадаеш падацца?
— Не бойся, дурань, — спакойна кінуў Антак і загадкава ўсміхнуўся. — На вось, пачытай лепш…
З гэтымі словамі Антак працягнуў разгубленаму Болцікаву даволі тоўсты блакнот.
— Што гэта?
— Дзённік Сцяпана Казімірава. Твой, значыць…
— А як ты яго дастаў? — Болцікаў увесь загарэўся ад цікаўнасці.
— Ну, гэта ўжо не твая справа! — поўны гордасці, сказаў Антак. — Ты лепш ідзі куды-небудзь у лес, пакуль ёсць час, ды як мае быць да экзамену падрыхтуйся.
— Ох, бог ты мой, — закаціўшы вочы да неба, прастагнаў Болцікаў.— І калі ўсё гэта скончыцца!
— Не скуголь! — грозна засыкаў на яго Антак. — Бачыш, як цэгла хутка растае? Пры такіх тэмпах пад вечар да пня дабяруцца. А ноччу мы ўсё і абцяпаем. Зразумеў? Усё ідзе як нельга лепш. Нават калі ў яе і ўзнікне якое падазрэнне, позна будзе. Пакуль што да чаго, і след наш прастыне.
— На словах яно заўсёды гладка атрымліваецца, — прамармытаў Болцікаў, хаваючы за пазуху дзённік Сцяпана Казімірава.
У лесе, выбраўшы зацішную мясцінку, ён пачаў падрабязна вывучаць дзённік. Гэты занятак захапіў яго так, што ён і не заўважыў, як прайшоў дзень і сонца стала хіліцца да захаду. Толькі цяпер, пазнаёміўшыся з запіскамі партызана, Болцікаў зразумеў многае з таго, пра што яны з маёрам думалі, над чым столькі ламалі галаву. Дык вось хто папярэдзіў ляхаўчан, што іх збіраюцца забіраць у Германію. Усё гэты Казіміраў! А праз яго ж і сам Болцікаў ледзь не паплаціўся жыццём. Яго тады немцы хацелі расстраляць, як таго старасту. Ледзь вымаліў літасці, на каленях. Адыходлівы ўсё ж характар быў у маёра Брунера.
Бандыт злосна сціснуў кулакі.
— Ну, не ведаў я гэтага раней. Сваімі б рукамі дабіў, калі б ты трапіў да нас у камендатуру, Сцяпан Казіміраў!
Ад успамінаў да рэчаіснасці Болцікава вярнуў гук цяжкіх крокаў злева. Ён ускочыў і пачаў напружана ўглядацца ў той бок скрозь густыя галіны алешніку. Што і казаць, трывожныя дні насталі для былога брунераўскага ад'ютанта. Нездарма кажуць: хто парася ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Там, далёка ад гэтых месц, у сваім піўным ларку, ён яшчэ адчуваў сябе больш-менш спакойна. А тут кожны шолах, кожны скіраваны на яго позірк заганяў, як кажуць, яго баязлівую душу ў пяткі.
Кусты рассунуліся, і на палянку выйшаў Антак.
— Ты чаго гэта прахалоджваешся! — накінуўся ён на Болцікава. — Табе ж на змену заступаць.
— Ды ці час ужо? — пачаў нясмела апраўдвацца Болцікаў.
— Што, зачытаўся сваімі «подзвігамі» і забыў пра ўсё на свеце? — з'едліва спытаў Антак.
— Небяспечны ён быў для нас чалавек, — быццам не заўважыўшы тону апошніх слоў Антака, задуменна сказаў Болцікаў.
— Усё прачытаў?
— Усё.
— І запомніў, дзе ён быў, у якіх аперацыях удзельнічаў?
— Быццам бы запомніў,— няўпэўнена адказаў Болцікаў.
— Глядзі ж, у людзях не памыліся, — павучальна сказаў Антак.
— Пастараюся.
— А цяпер давай яго сюды.
— Што? — не зразумеў Болцікаў.
— Дзённік. Мне ж яго вярнуць трэба. Я ўзяў толькі на адзін дзень.
— Бяры, — Болцікаў працягнуў дзённік Антаку і пацікавіўся: — А як там справы на будоўлі? Да пня яшчэ не дабраліся?
— Яшчэ не. Але ўжо хутка. Радоў дваццаць засталося. Я выбраў там у адным месцы некалькі цаглін і якраз на пень наткнуўся. Так што сёння будзе ў нас гарачая ночка.
— Ужо сёння? — Болцікаў скурчыўся, жаласліва гледзячы ў вочы Антаку.
— А як ты думаў! Калі заўтра да яго дабяруцца дзеці, нам з табой там ужо рабіць не будзе чаго. Гэтыя малакасосы адкапаюць. А мы павінны іх апярэдзіць. Так што доўга з гэтай настаўніцай не балбачы, а як толькі вызвалішся — хутчэй да мяне, на падмогу. Я пакуль цэглу буду разбіраць.
— Паслухай, Антак, — пачаў маліць Болцікаў.— Калі мы тут апошнюю ноч, дык навошта мне з ёю сёння размаўляць? Яшчэ, чаго добрага, наблытаю, яна адчуе — перашкодзіць нам можа.
— А гэта ты справу кажаш, — пахвальна кіўнуў галавой Антак. — Перанясі размову на заўтра. Толькі падставу пераканаўчую прыдумай, а то яшчэ хутчэй западозрыць можа.
— Прычыну мне лягчэй прыдумаць, чым размаўляць з ёю.
— Ну вось і думай. А цяпер пайшлі! Рассоўваючы пругкія галіны кустоў, Антак
і Болцікаў сталі прабірацца да прасекі, па якой праходзілі слупы тэлефоннай лініі. Каля аднаго са слупоў Антак спыніўся. Ён дастаў з кішэні манцёрскія абцугі-кусачкі і палез на слуп.
— Што ты там забыўся? — задраўшы галаву, пацікавіўся Болцікаў. Але, убачыўшы, як спачатку адляцеў адзін провад, спрытна перашчоўкнуты Антакам, а за ім і другі, здагадаўся: — Правільна робіш. Каб ніякай сувязі ў іх не было.
— А ты думаў, мы лыкам шытыя? — саскокваючы са слупа і самазадаволена ўсміхаючыся, сказаў Антак. — Мы школу добрую прайшлі.
— А ты паведаміў туды, каб нас чакалі? — Болцікаў паказаў рукой на захад.
— Паспеецца, — і, злёгку падштурхнуўшы свайго саўдзельніка ў спіну, Антак дадаў: — Ну, ідзі ж! Не бойся!