Навелы
Шрифт:
Дык вось, на дзесяць хвілін быў аб’яўлены перапынак, які задоўжыўся ажно на дваццаць. Дзеці атрэсліся ад сну і зноў пачалі перагаворвацца з гледачамі стаячых месцаў, з Антоніё, з Гіскарда, з лодачнікам. Складваючы далонькі, яны крычалі рыбакам добрыя пажаданні, якія перанялі ў нас:
— Паболей вам заўтра рыбкі!
— Поўныя-паўнюткія сеткі!
Марыё, малодшаму афіцыянту з «Эсквізіта», яны крыкнулі:
— Mario, una ciccolata e biscotti! [31]
31
Марыё, адзін шакалад з бісквітам! (іт.).
Гэтым разам ён уважыў і з усмешкай адказаў:
— Subito! [32]
Пазней мы нездарма ўспаміналі гэтую ветлую, крыху рассеяна-меланхалічную ўсмешку.
Так прайшоў антракт, ударыў гонг, і гледачы, якія перагаворваліся ў розных канцах залы, зноў пазаймалі свае месцы, дзеці з прагнай нецярплівасцю, пакруціўшыся, паюрзаўшы, зручна расселіся, склаўшы рукі на каленях. Эстрада ў перапынку заставалася адкрытая. Чыпола выйшаў уразвалку і адразу ж на правах канферансье пачаў знаёміць публіку з другой серыяй фокусаў.
32
Зараз! (іт.).
Карацей, каб усё тут вам было ясна, гэты самаўпэўнены гарбач быў вельмі моцны гіпнатызёр, якога я калі-небудзь бачыў у жыцці. Калі на афішах ён выдаваў сябе за фокусніка, штукара і тлуміў публіцы галаву адносна сапраўднай прыроды сваіх паказаў, дык, мабыць, выключна дзеля таго, каб абысці закон і паліцэйскія пастановы, якія строга забаранялі займацца гіпнозам дзеля заробку. Магчыма, такая чыста фармальная маскіроўка ў Італіі прынятая, і ўлады трываюць яе, альбо глядзяць на гэта праз пальцы. У кожным разе Чыпола фактычна з самага пачатку не дужа хаваў сапраўдны характар сваіх намераў, а другое аддзяленне праграмы было зусім адкрытае і цалкам прысвечана спецыяльным доследам — дэманстрацыя гіпнатычнага сну і ўнушэнні, хоць і тут ён у сваім канферансе нічога не называў сваім імем. У бясконцай чарзе камічных, хвалюючых, ашаламляльных штук, якія апоўначы былі ў самым разгары, перад нашымі вачыма прайшоў увесь арсенал дзівосаў ад самых нязначных да самых страшных, заключаных у гэтай натуральнай і загадкавай сіле, і гледачы рагаталі, пакручвалі галовамі, ляпалі па каленях і пляскалі, прымаючы кожную забаўную падрабязнасць, яны яўна падупалі ўладзе бясконца ўпэўненай у сабе асобе гіпнатызёра, хоць, вядома, так мне здалося, іх абурала тая абраза, што заключалася ў кожнай яго перамозе.
Дзве рэчы гралі галоўную ролю ў гэтых перамогах: чарка каньяку і плётка з тронкам у выглядзе пазурастай лапы. Першая павінна была распальваць яго дэманічную сілу, якая інакш, відаць, магла вычарпацца; і гэта магло б абудзіць да яго чалавечую спагаду, каб не другое — зняважлівы сімвал ягонай улады, плётка, якою ён фанабэрыста падпарадкоўваў нас сабе, што выключала ўсякія іншыя, цяплейшыя пачуцці, апрача здзіўленай і абуранай пакоры. Але, магчыма, менавіта спагады яму якраз і бракавала. Няўжо ён прэтэндаваў яшчэ і на гэта? Няўжо хацеў завалодаць усім? Мне запомнілася адна ягоная заўвага, якая ўказвала на такую яго прэтэнзію. Яна вырвала ў яго ў самы напружаны момант эксперыментаў, калі, давёўшы пасамі і падзьмухваннем да поўнага каталептычнага стану маладога чалавека, які сам прапанаваў свае паслугі і аказаўся надзіва ўспрыімлівым аб’ектам унушэнняў, ён не толькі паклаў агорнутага моцным сном хлопца патыліцай і нагамі на білцы двух крэслаў, але яшчэ і сеў на яго сам, і здзеравянелае цела нават не прагнулася. Выгляд гэтай пачвары ў вячэрнім гарнітуры, што ўзбатавалася на скарчанелае цела, быў такі фантасмагарычны і мярзотлівы, аж публіка, думаючы, быццам ахвяра гэтай навуковай забавы пакутуе, пачала яе шкадаваць. «Poveretto!», «небарака!» — чуліся шчырадушныя галасы.
— Poveretto! — злосна перадражніў Чыпола. — Вы памыліліся адрасам, панове! Sono io il poveretto! [33] Гэта я тут небарака!
Гледачы моўчкі праглынулі ягоную заўвагу. Добра, няхай на Чыполу клаўся ўвесь цяжар прадстаўлення, няхай ён нават у сваіх думках прыняў на сябе боль у страўніку, ад якога так жаласліва курчыўся Джаванота, але з выгляду ўсё было якраз наадварот, і хто ж будзе крычаць «poveretto!» чалавеку, які пакутуе дзеля таго, каб прынізіць іншага.
33
Гэта я небарака! (іт.).
Але я ўжо забег наперад і парушыў паслядоўнасць. Галава ў мяне дагэтуль поўная штукамі гэтага дзівака, толькі ўжо не памятаю, што за чым ішло, але гэта няважна. Аднопамятаю добра: вялікія і складаныя эксперыменты, што мелі найбольшы поспех, зрабілі на мяне меншае ўражанне, чым некаторыя дробязныя, якія ён рабіў быццам мімаходзь. Нумар з маладым хлопцам, які паслужыўся гіпнатызёру лаўкаю, узгадаўся мне праз звязаную з ім натацыю… Пажылая дама, што заснула на саламяным крэсле: Чыпола ўнушыў, быццам яна падарожнічае па Індыі, і тая ў трансе вельмі бойка расказала пра свае дарожныя ўражанні на сушы і на вадзе, гэта мяне менш заінтрыгавала і не так здзівіла, як маленькі прахадны эпізод адразу за антрактам: высокі ладны мужчына, з выгляду вайсковец, не мог падняць руку толькі таму, што гарбач сказаў, быццам ён яе не падыме, і ляснуў плёткай. Як жывы бачу перад сабою твар гэтага вусатага, падцягненага colonello [34] і вымучаную ўсмешку, з якою ён, сцяўшы зубы, змагаўся за адабраную ў яго свабоду валодаць сабою. Які канфуз! Ён хацеў і не мог; але, відаць, ён мог толькі не хацець, тут дзейнічала ўнутраная калізія волі, якая паралізавала свабоду, — і ўсё гэта зларадна прадказаў маладому рымляніну наш утаймавальнік.
34
Палкоўнік (іт.).
Незабыўная таксама ва ўсёй яе кранальнасці і ўяўнай камічнасці сцэна з сіньёрай Анджальеры, чыю эфірную безабароннасць перад яго магутнасцю кавальерэ, вядома ж, не ўпусціў заўважыць яшчэ пры першым сваім бессаромна-нахабным аглядзе публікі ў зале. Ён чысцюткім чарадзействам літаральна падняў яе з крэсла і павёў за сабою з рада, ды яшчэ, каб пазадавацца, унушыў сіньёру Анджальеры думку гукнуць жонку імем, нібы каб той кінуў на шалі вагаў і сябе, і свае правы і мужавым поклічам абудзіў у душы сваёй спадарожніцы пачуцці, здольныя абараніць яе цноты ад ліхіх чараў. Але ўсё марна! Чыпола, стоячы зводдаль ад пары, толькі раз ляснуў плёткай, і наша гаспадынька, сцепнуўшыся ўсім целам, павярнулася да яго. «Сафонія!» — ужо тут крыкнуў сіньёр Анджальеры (а мы і не ведалі, што сіньёру Анджальеры завуць Сафонія), і з поўнай падставай крыкнуў, бо кожнаму было ясна, якая тут небяспека — яго жонка, павярнуўшыся да праклятага кавальерэ, проста вачэй з яго не зводзіла. А Чыпола з плёткай на руцэ пачаў усімі дзесяццю доўгімі, жоўтымі пальцамі клікаць і вабіць сваю ахвяру, крок за крокам адступаючы. І тут празрыста-бледная сіньёра Анджальеры прыўстала з месца, ужо ўсім корпусам падалася да заклінача і паплыла за ім. Прывіднае і фатальнае відовішча! Як лунатычка, з ненатуральна нерухомымі, нейкімі скаванымі плячамі і шыяй, крыху выставіўшы наперад прыгожыя рукі, яна, нібы не адрываючы ног ад падлогі, ішла ўздоўж свайго рада следам за спакушальнікам.
— Паклічце яе; сіньёр, ну паклічце ж! — патрабаваў вылюдак.
І сіньёр Анджальеры кволым голасам паклікаў:
— Сафонія!
Ах, яшчэ колькі разоў ён клікаў яе, а яна ўсё больш аддалялася ад яго, нават прыкладваў руку далонькай да вуснаў, і другою — махаў, аж так клікаў. Але жаласлівы покліч кахання і абавязку без сілы заміраў за спінай прапасніцы, і ў самнамбулічным лунанні, зачараваная і глухая да ўсяго, сіньёра Анджальеры выплыла ў сярэдні праход і паплыла далей, да гарбача, які вабіў яе, да выхаду. Складвалася поўнае ўражанне, што яна пойдзе за сваім валадаром хоць на край зямлі, калі толькі ён скажа.
— Accidente! [35] — ускочыўшы з месца, залямантаваў у сапраўдным страху сіньёр Анджальеры, калі яны дайшлі да дзвярэй.
Але ў той самы момант кавальерэ, так сказаць, скінуў з сябе лаўры пераможцы і спыніў эксперымент.
— Даволі, сіньёра, дзякую вам, — сказаў ён, з камедыянцкай галантнасцю падаў руку жанчыне, якая нібы з неба звалілася, і адвёў яе да сіньёра Анджальеры. — Пане, — звярнуўся да таго з паклонам, — вось ваша жонка! З найглыбейшаю пашанаю ўручаю вам яе цэлую і здаровую. Беражыце і ахоўвайце дадзены вам скарб з усёй рашучасцю мужчыны, і няхай вашую пільнасць абвострыць разуменне таго, што ёсць сілы больш магутныя за розум і цноту, і яны толькі ў рэдкіх выпадках спалучаюцца з велікадушным самазабыццём!
35
Ратуйце! (іт.).
Бедны сіньёр Анджальеры, такі ціхенькі, такі лысенькі! Не выдавала на тое, каб ён мог абараніць сваё шчасце нават ад сіл, менш дэманічных за тыя, што ў дадатак да ўсіх страхаў цяпер яшчэ і глуміліся з яго. Важны і надзьмуты кавальерэ ўзышоў на эстраду пад буру воплескаў, якія ў пэўнай ступені былі платай яго красамоўству. Калі не памыляюся, менавіта дзякуючы гэтай перамозе яго аўтарытэт настолькі падрос, што ён мог бы прымусіць публіку скакаць — ага, ага, скакаць, гэта трэба разумець літаральна, — што, у сваю чаргу, прывяло да пэўнай раскілзанасці, — нейкі начны чад, у чмурным дыме якога патанулі астатнія рэшткі крытычнага супраціву, якія так доўга супрацьстаялі ўплыву гэтага агіднага чалавека. Праўда, каб устанавіць сваю поўную ўладу, Чыполу давялося вытрымаць даволі цяжкую барацьбу з маладым рымлянінам, чыя косная маральная непаддатнасць магла даць публіцы непажаданы і небяспечны гэтай уладзе прыклад. Але кавальерэ цудоўна разумеў важнасць прыкладу і разумна выбраў пад атаку найслабейшы пункт абароны, пусціў на закваску скочнай оргіі таго самага кволага хлопца, які лёгка ўпадаў у транс і якога ён перад тым ператварыў у бясчулае бервяно. Аднаго позірку маэстра хапіла, каб той, як громам удараны, адкінуўшы корпус назад, рукі па швах, упадаў у воінскі самнамбулізм, так што ягоная гатоўнасць выканаць самы бязглузды загад з самага пачатку кідалася ў вочы. Да таго ж яму, відаць, самому падабалася падпарадкоўвацца, і ён з радасцю адкідаў сваю жалю вартую самастойнасць і каторы раз прапаноўваў сябе ў аб’екты эксперыменту і яўна лічыў за гонар паказаць узор імгненнага самаахвяравання і бязвольнасці. І цяпер ён адразу палез на эстраду, і даволі было раз ляснуць плёткай, як ён з загаду кавальерэ пачаў скакаць «стэп», г. зн. у самазабыўным экстазе, заплюшчыўшы вочы і хітаючы галавой, раскідваць убакі худыя рукі і ногі.
Адепт
4. Ушедший Род
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
рейтинг книги
Прайм. Хомори
2. Легенда
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
рейтинг книги
Московское золото или нежная попа комсомолки. Часть Вторая
2. Летчик Леха
Фантастика:
попаданцы
рейтинг книги
Чужая семья генерала драконов
6. Генералы драконов
Фантастика:
фэнтези
рейтинг книги
Имперец. Том 1 и Том 2
1. Имперец
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 14
14. Путь Паладина
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
рейтинг книги
Вернувшийся: Первые шаги. Том II
2. Вернувшийся
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
рпг
рейтинг книги
Начало
1. Второй шанс
Фантастика:
фэнтези
рейтинг книги