Навелы
Шрифт:
Трыо
Баронаў план, як высветлілася праз некалькі гадзін, аказаўся выдатным і ўдаўся на ўсе сто працэнтаў. Калі малады барон — наўмысна з некаторым спазненнем — увайшоў у сталовую, Эдгар ускочыў з крэсла, старанна прывітаўся і са шчасліваю ўсмешкаю памахаў яму рукою. Потым ён пацягнуў маці за рукаў, пачаў хутка і ўсхвалявана штосьці шаптаць ёй і ківаць на барона. Яна чырванела і саромелася, дакарала яго за празмерна шумныя паводзіны, але была вымушана ўступіць настойліваму хлопчыкаваму жаданню і зірнуць у бок барона, які адразу выкарыстаў гэта, каб пачціва пакланіцца. Знаёмства адбылося. Ёй прыйшлося адказаць на яго паклон, але потым яна нагнулася над талеркаю і праз увесь абед больш ні разу не паглядзела на барона. Іначай паводзіў сябе Эдгар, які ўвесь час паглядваў на яго і раз нават паспрабаваў загаварыць з ім цераз стол, але гэта была ўжо яўная непрыстойнасць, і маці зараз жа зрабіла яму строгае ўнушэнне. Пасля вячэры яна загадала хлопчыку ісці спаць, але ён пачаў шаптацца з ёю, відаць, горача прасіў дазволу падысці да суседняга століка, каб развітацца са сваім сябрам, і нарэшце атрымаў яго. Барон сказаў яму некалькі ласкавых слоў, ад якіх хлопчыкавы вочы зноў заззялі, і хвіліны дзве балбатаў з ім. Раптам барон устаў і, павярнуўшыся зграбным рухам да суседняга стала, павіншаваў крыху збянтэжаную маці з такім разумным, развітым сынам, упамянуў аб задавальненні, якое прынесла яму ранішняя прагулка — Эдгар стаяў тут жа, увесь чырвоны ад гордасці і шчасця, — і ў заключэнне пачаў распытваць пра яго здароўе так клапатліва і падрабязна, што яна не магла не адказваць. Непрыкметна распачалася доўгая гутарка, да якой хлопчык прыслухоўваўся неяк пачціва, ззяючы ад шчасця. Барон адрэкамендаваўся, і яму здалося, што яго прозвішча і тытул пацешылі яе самалюбства. Ва ўсякім разе, яна была вельмі ласкавая з ім, хоць і стрыманая, і нават рана развіталася, ветліва спаслаўшыся на тое, што хлопчыку пара спаць.
Эдгар запратэставаў, ён горача запэўніваў, што зусім не стаміўся і гатовы прасядзець усю ноч, але маці ўжо працягнула барону руку; той пачціва пацалаваў яе.
Хлопчык дрэнна спаў у гэтую ноч. Дзесьці ў глыбіні душы радасць пераблыталася з дзіцячаю роспаччу. Нешта новае ўвайшло сёння ў яго жыццё. Упершыню ён далучыўся да жыцця дарослых. У паўсне ён забываў свой узрост, і яму здавалася, што ён і сам ужо не хлопчык. Дагэтуль ён рос адзінокім, хваравітым дзіцём, сяброў у яго было мала. Каб задаволіць патрэбу ў ласцы, ён мог звяртацца толькі да бацькоў, якія мала ім цікавіліся, ды яшчэ да слуг. Сілу пачуцця нельга вымераць толькі яго непасрэднаю прычынаю і не браць пад увагу тую змрочную паласу тугі і адзіноты, якая папярэднічае ўсім вялікім падзеям у жыцці сэрца. Хлопчыка даўно мучыў вялізны цяжар нерастрачаных пачуццяў, і цяпер ён стрымгалоў кінуўся ў абдымкі першаму, хто здаўся яму вартым гэтага пачуцця. Эдгар ляжаў у цемры, усхваляваны, шчаслівы, яму хацелася смяяцца, але з вачэй цяклі слёзы, бо ён любіў гэтага чалавека, як ніколі не любіў ні сябра, ні таты, ні мамы, ні нават бога. Усім сваім дзіцячым, недасведчаным сэрцам ён імкнуўся да таго, чыё імя ўпершыню пачуў дзве гадзіны таму назад.
Але хлопчык ён быў разумны, і яго не збянтэжыла нечаканасць гэтага дзіўнага новага сяброўства. Мучыла яго другое: усведамленне ўласнай нікчэмнасці. «Ці варты я яго, я, дванаццацігадовы хлопчык, якому яшчэ доўга хадзіць у школу, якога раней усіх адсылаюць спаць? — пакутліва дапытваўся ён у самога сябе. — Кім я магу быць яму, што я магу яму даць?» Менавіта гэтае пакутліва ўспрынятае ім пачуццё непаўнацэннасці, бяссілле паказаць сваю любоў даводзіла яго да роспачы. Звычайна, калі яму падабаўся хто-небудзь з таварышаў, ён перш за ўсё дзяліўся з ім скарбамі, схаванымі ў парце: паштовымі маркамі або каменьчыкамі, але ўсе гэтыя дзіцячыя каштоўнасці, якія яшчэ ўчора здаваліся яму прывабна-неацэннымі, цяпер адразу пабляклі, пацьмянелі і страцілі сваю цікавасць у яго вачах. Ці мог ён прапанаваць іх новаму сябру, да якога нават не асмельваўся звяртацца на «ты»? Ці ёсць шлях, ці ёсць магчымасць выказаць яму свае пачуцці? Усё мацней пакутаваў ён ад усведамлення ўласнае нясталасці, усведамлення таго, што ён яшчэ толькі паўчалавека, толькі дванаццацігадовае дзіця; ніколі не праклінаў ён гэтак бурна свой дзіцячы ўзрост, ніколі не адчуваў такой прагі прачнуцца другім, такім, якім бачыў сябе ў марах: вялікім і моцным, мужчынам, такім, як і ўсе дарослыя.
У гэтыя трывожныя думкі ўпляталіся хуценька першыя светлыя мары аб новым свеце дарослага мужчыны. Эдгар нарэшце заснуў з усмешкаю на вуснах, але ўспамін аб заўтрашнім спатканні рабіў яго сон неспакойным. Ён баяўся спазніцца і ўскочыў з ложка ўжо ў сем гадзін, хуценька адзеўся, зайшоў павітацца з мамаю ў яе пакой, чаму яна вельмі здзівілася, бо звычайна ёй з цяжкасцю ўдавалася падняць яго з ложка, і, не даўшы ёй магчымасці папытацца яшчэ пра што-небудзь, пабег уніз. Да дзевяці гадзін ён сноўдаўся там, поўны нецярпення, забыўся пра снеданне; яго займала адна думка — каб толькі ён не прымусіў чакаць свайго сябра.
А палове дзесятай барон, нарэшце, паволі, з бесклапотным выглядам спусціўся ў вестыбюль. Ён, вядома, даўно забыўся пра сваё абяцанне, але калі Эдгар імкліва кінуўся да яго, ён усміхнуўся гэтаму палкаму парыву і выказаў гатоўнасць стрымаць сваё слова. Ён узяў хлопчыка пад руку, прагуляўся крыху са сваім юным, ззяючым ад шчасця спадарожнікам, але адмовіўся — мякка, але рашуча — пайсці цяпер куды-небудзь пагуляць далей. Ён як быццам чагосьці чакаў, мяркуючы па нецярплівых позірках, якія ён кідаў на дзверы. Раптам барон насцярожыўся. Эдгарава маці ўвайшла ў вестыбюль і, ветліва адказаўшы на баронава прывітанне, павярнула да іх. Яна ўхвальна ўсміхнулася, пачуўшы пра запланаваную прагулку, пра якую Эдгар не расказваў ёй, раўніва захоўваючы запаветную таямніцу, і адказала згодаю на баронава запрашэнне прыняць у ёй удзел.
Эдгар адразу насупіўся, закусіў губы. Як прыкра, што яна ўвайшла якраз у гэтую хвіліну! Прагулка ж цалкам належала яму; калі ён і пазнаёміў свайго сябра з мамаю, то гэта была толькі яго добрая ласка, але дзяліць сябра з ёю ён не мае намеру. Заўважыўшы галантнае абыходжанне барона з мамаю, ён ужо адчуваў нешта накшталт рэўнасці.
Яны пайшлі на прагулку ўсе, і надта яўная ўвага, якую абое дарослыя спадарожнікі звярталі на дзіця, узмацняла ў ім небяспечнае ўсведамленне сваёй значнасці. Эдгар быў амаль адзіным прадметам іхняй размовы: маці з крыху перабольшанай трывогаю гаварыла, які ён бледны і нервовы, а барон з усмешкаю пярэчыў ёй і рассыпаўся ў пахвалах свайму «сябру», як ён яго зваў. Ніколі Эдгар не быў такі шчаслівы. Упершыню ён атрымаў правы, якіх увесь час быў пазбаўлены. Ён удзельнічаў у размове, і ніхто не спыняў яго; ён нават выказваў дзёрзкія просьбы, і яму даравалі гэта. І нядзіўна, што ў ім з кожнаю хвілінаю расло падманлівае пачуццё, што ён ужо дарослы. Ён цешыў сябе думкаю, што дзяцінства засталося за ім, як застаецца скінутае адзенне, з якога ты ўжо вырас.
У абед, па запрашэнні Эдгаравай маці, якая рабілася ўсё больш ласкавай, барон сядзеў за іх сталом. Візаві ператварыўся ў суседа, знаёмы — у сябра. Трыа наладзілася, і тры галасы — жаночы, мужчынскі і дзіцячы — гучалі ва ўнісон.
Атака
Нецярплівы паляўнічы вырашыў, што настаў час падкрасціся да здабычы. Сямейны ансамбль з трох чалавек надакучыў яму. Вельмі хораша быць разам усім і балбатаць, але, зрэшты, не балбатня ж была ягоная мэта. А ён ведаў, што салонны тон, які патрабаваў маскіроўкі жаданняў, заўсёды ў адносінах паміж мужчынам і жанчынаю ставіць на задні план эратычнае, пазбаўляе словы пачуцця, а націск — палу. Трэба зрабіць так, каб за свецкаю гутаркаю яна не забывалася пра яго сапраўдныя намеры, якія — у гэтым ён не сумняваўся — яна ўжо разгадала.
Было нямала шанцаў, што яго заляцанні да гэтай жанчыны ўвянчаюцца поспехам. Яна дасягнула таго крытычнага ўзросту, калі жанчына пачынае раскайвацца, што ўсё жыццё захоўвала вернасць мужу, якога, зрэшты, ніколі не кахала, і калі закат знікаючай прыгажосці яшчэ дазваляе зрабіць выбар: быць толькі маці або яшчэ раз, апошні, пабыць жанчынаю. Жыццё, здавалася, даўно ўжо адказала на ўсе пытанні, але тут яно яшчэ раз ставіць новае пытанне, апошні раз магнітная стрэлка волі вагаецца паміж надзеяй на эратычнае пачуццё і канчатковым самаадрачэннем. Жанчына тады стаіць перад рашаючым выбарам — або жыць уласным жыццём, або жыццём сваіх дзяцей, быць маці або быць жанчынаю. І барон, дасведчаны ў такога роду справах, заўважыў у Эдгаравай маці адзнакі гэтага небяспечнага вагання. Яна ніколі не ўспамінала ў размове пра мужа і амаль не ведала ўнутранага жыцця дзіцяці. Цень нуды, завуаляваны меланхоліяй, ляжаў на яе міндалепадобных вачах і толькі крыху прыглушаў захаванае ў іх палкае пачуццё. Барон вырашыў ісці да мэты імкліва і разам з тым не выказваць ніякай паспешнасці. Наадварот, як рыбак, што прынаджвае здабычу і адпускае лёску, ён разыгрываў абыякавасць, каб прымусіць яе імкнуцца да збліжэння, хоць сапраўды імкнуўся да яго сам. Ён вырашыў паводзіць сябе крыху высакамерна, падкрэсліваць адрозненне ў грамадскім становішчы; яго спакушала думка авалодаць гэтай пышнай спелай прыгажуняй, разлічваючы толькі на свой выгляд, гучнае арыстакратычнае імя і халоднае абыходжанне.
Гульня пачала ўжо не на жарт хваляваць яго, і таму ён прымусіў сябе быць больш асцярожным. Рэшту дня ён правёў у сваім пакоі, з прыемнасцю ўсведамляючы, што яго чакаюць і шкадуюць аб яго адсутнасці. Але яго адсутнасць не зрабіла асабліва моцнага ўражання на таго, у каго цэліў барон, затое бедны хлопчык зусім змучыўся. Эдгар адчуваў сябе цэлы дзень бясконца няшчасным, быў сам не свой; з упартаю, уласціваю яго ўзросту вернасцю ён усе гэтыя доўгія гадзіны нястомна чакаў сябра. Пайсці гуляць ці заняцца чым-небудзь у адзіноце здавалася яму здрадаю. Ён бадзяўся як непрыкаяны па калідорах, і з кожнаю гадзінаю гора яго расло; у думках ён ужо не раз гаварыў сабе, што з баронам здарылася няшчасце ці што ён выпадкова пакрыўдзіў яго, і хлопчык ледзь не плакаў ад нецярпення і страху.
Калі барон з’явіўся ўвечары да стала, ён быў сустрэты з вялізнаю радасцю. Эдгар, нягледзячы на строгі мацерын вокрык і здзіўленыя позіркі прысутных, кінуўся яму насустрач і парывіста абхапіў яго худзенькімі ручкамі.
— Дзе вы былі? Куды вы хадзілі? — усхвалявана пытаўся ён. — Мы ўсюды шукалі вас.
Пачуўшы гэтае «мы», Эдгарава маці пачырванела і сказала даволі сярдзіта:
— Sois sage, Edgar. Assieds toi! [46] — Яна заўсёды гаварыла з ім па-французску, хоць валодала гэтаю моваю далёка не дасканала і таму часта садзілася на мель, калі трэба было сказаць што-небудзь больш складанае.
46
Паводзь сябе прыстойна, Эдгар. Сядзь на месца! (фр.)