Страх
Шрифт:
* * *
Калі яна назаўтра раніцаю расплюшчыла вочы, у пакоі было ўжо відно. І ў ёй самой таксама прасвятлела, навальнічныя грымоты быццам ачысцілі і асвяжылі кроў. Яна спрабавала ўспомніць, што з ёю здарылася, але ўсё здавалася ёй яшчэ сном. Яна адчувала непраўдападобную лёгкасць і свабоду, з якою чалавек лунае ў паветры ў марах, і, каб упэўніцца, што гэтае цьмянае адчуванне - рэчаіснасць, яна дакранулася адною рукою да другой.
Раптам яна ўздрыгнула: на пальцы блішчаў пярсцёнак. І тут жа сну як і не было. Тыя бязладныя словы, якія яна чула і не чула на мяжы прытомнасці, і тыя ранейшыя няясныя здагадкі, якія яна не асмельвалася зрабіць думкамі, і падазрэнне цяпер раптам зліліся ў стройнае цэлае. Усё адразу стала ёй зразумелым - і мужавы пытанні, і здзіўленне палюбоўніка; пятля за пятлёю раскруцілася перад ёю страшная сетка, якая аблытвала яе. Гнеў і сорам авалодалі ёю, нервы зноў задрыжалі, і яна ўжо гатова была пашкадаваць, што прачнулася ад гэтага сну без летуценняў і страху.
Але тут у суседнім пакоі пачуўся смех. Дзеці ўсталі і, нібы птушаняты, якія толькі што прачнуліся, голасна сустракалі новы дзень. Ірэна ясна распазнала сынаў голас і ўпершыню са здзіўленнем адзначыла, як ён падобны на бацькаў. Усмешка непрыкметна кранула яе вусны і затрымалася на іх. Ірэна ляжала з заплюшчанымі вачамі, каб лепей нацешыцца тым, што складала яе жыццё, а з гэтага часу і шчасце. У душы яшчэ ціхенька шчымела нешта, але гэта быў жыватворны боль - так пякуць раны, перш чым зарубцавацца назаўсёды.