Страх
Шрифт:
Вось добрая нагода, адчула яна, адкінуць убок усякія намёкі, звязаныя з віною і прызнаннем дзіцяці, і загаварыць пра сваю віну. Калі муж зычліва прыме яе заступніцтва за дачку, гэта будзе ёй знакам, што яна можа асмеліцца загаварыць пра сябе.
– Скажы, Фрыц, - пачала яна, - няўжо ты сапраўды не пусціш дзяцей на свята? Для іх гэта будзе вялікае засмучэнне - асабліва для малюткі. Навошта такая строгая кара? Яна ж нічога асабліва страшнага не зрабіла. І табе не шкада яе?
– Ты пытаешся: няўжо мне яе не шкада? Вось што я табе скажу: сёння ўжо не. Пасля таго як яе пакаралі, ёй значна палегчала, хоць яна цяпер і засмучаная. Няшчасная яна была ўчора, калі разламаны бедны конік ляжаў у печы. Увесь дом шукаў яго, а малютка ўвесь час дрыжала ад страху, што прапажу вось-вось знойдуць. Страх горшы, чым пакаранне; у пакаранні ёсць нешта пэўнае. Вялікае яно ці малое - усё-такі лепей, чым неакрэсленасць, чым бясконцы жах чакання. Як толькі яна даведалася, якое будзе пакаранне, ёй адразу палегчала. Хай цябе не хвалююць яе слёзы - цяпер яны толькі вырваліся наверх, раней яны збіраліся ўнутры. А трымаць іх унутры куды цяжэй.
Ірэна паглядзела на мужа. Ёй здавалася, што кожнае яго слова цэліць у яе. Але ён як быццам і не думаў пра яе.
– Павер мне, усё менавіта так. Я гэта бачыў і ў судзе, і калі вёў следства. Больш за ўсё абвінавачаныя пакутуюць ад утойвання праўды, ад пагрозы яе раскрыцця, ад жахлівай неабходнасці абараняць хлусню ад мноства нападак. Страшна глядзець, як выкручваецца і курчыцца абвінавачаны, калі з яго, як абцугамі, прыходзіцца вырываць прызнанне. Часам яно ўжо зусім на языку, неадольная сіла падняла яго з самых патаемных глыбінь душы, яно душыць абвінавачанага, яно ўжо гатова ператварыцца ў словы - і раптам нейкая злая воля авалодвае ім, загадкавая мешаніна ўпартасці і страху, ён заглушае прызнанне, заганяе яго ўнутр. І барацьба пачынаецца спачатку. Суддзі часам пакутуюць ад гэтага болей, чым ахвяры. А абвінавачаныя бачаць у суддзях ворагаў, хоць на самай справе суддзі - яе памочнікі. А мне як адвакату, як абаронцу належала б перасцерагаць падапечных ад прызнанняў, падтрымліваць і заахвочваць іх хлусню, але ў мяне часта ўсё ўнутры ўзнімаецца супраць гэтага - вельмі ўжо яны пакутуюць ад неабходнасці запірацца, значна мацней, чым ад прызнання і наступнай кары. Мне, зрэшты, дагэтуль незразумела, як можна зрабіць ліхі ўчынак усведамляць усю яго небяспечнасць, а потым не мець мужнасці прызнацца. Маладушны страх перад рашучым словам, на маю думку, больш ганебны, чым любое злачынства.
– Ты думаеш... што заўсёды... толькі страх... стрымлівае людзей? А можа... не страх... а сорам перашкаджае чалавеку раскрыцца... як бы раздзецца... перад другімі людзьмі?
Муж здзіўлена зірнуў на яе. Ён не прывык чуць ад яе іншай думкі. Але яна моцна ўразіла яго.
– Ты кажаш - сорам... але гэта... як бы сказаць... гэта таксама па-свойму страх... толькі вышэйшага парадку... страх не перад пакараннем, а... але так, я разумею...
Ён устаў, неяк дзіўна ўзрушаны і захадзіў па пакоі. Гэтая думка, мусіць, закранула ў ім самыя чуллівыя струны, усхвалявала яго. Раптам ён спыніўся.
– Дапускаю... можна саромецца людзей, чужых людзей... натоўпу, які вывуджвае з газет чужое гора, смакуе яго і цешыцца... Але ж сваім блізкім, я думаю, можна прызнацца...
– А што, калі, - яна павярнулася ўбок; ён глядзеў на яе вельмі пільна, і яна адчувала, што ў яе зрываецца голас.
– Што, калі... самым блізкім... асабліва сорамна прызнацца...
Ён рэзка спыніўся перад ёю, яўна ўражаны.
– Дык, па-твойму... па-твойму...
– голас у яго адразу стаў другі, мяккі, глыбокі, - па-твойму, Хелене лягчэй расказаць аб сваёй правіннасці каму-небудзь другому... скажам... гувернантцы... што ёй...
– Я ў гэтым упэўнена... Яна так доўга запіралася менавіта таму... ну таму... таму, што твая думка ёй важней за ўсё... таму... таму, што яна цябе любіць больш за ўсіх...
Ён зноў задумаўся на хвіліну.
– Відаць... ты маеш рацыю, так, пэўна, маеш рацыю... Як дзіўна... мне гэта не прыходзіла ў галаву. Але, канечне, ты маеш рацыю, і я не хачу, каб ты думала, што я не магу прабачыць... Не, якраз ты не павінна гэтак думаць, Ірэна...
Ён глядзеў на яе, і яна адчувала, што чырванее ад яго позірку. Ці наўмысна ён гэтак гаворыць, ці гэта выпадковасць, каварная, небяспечная выпадковасць? Усё тая ж пакутлівая нерашучасць валодала ёю.
– Прысуд скасаваны.
– Ён прыкметна павесялеў.
– Хелена апраўдана, я сам зараз ёй гэта аб'яўлю. Ну, ты задаволена мною? Ці табе яшчэ чаго-небудзь хочацца... Бачыш... я... сёння ў добрым настроі... можа, ад радасці, што своечасова адумаўся, зразумеў, што быў несправядлівы. Гэта дае заўсёды вялікую палёгку, Ірэна, заўсёды...
Яна, здавалася ёй, зразумела, што менавіта ён хацеў падкрэсліць. Інстынктыўна яна пацягнулася да яго, слова ўжо гатова было сарвацца з вуснаў. І ён таксама падаўся бліжэй, нібы хацеў хутчэй зняць з яе тое, што яе прыгнятала. Але тут яна сустрэла яго позірк, ён гарэў прагным нецярпеннем, жаданнем пачуць яе прызнанне, пранікнуць у яе таямніцу, і ў ёй быццам нешта абарвалася. Яна апусціла працягнутую руку і адвярнулася. Усё дарэмна, думала яна, ніколі не знойдзе яна сілы вымавіць адзінае выратавальнае слова, якое пячэ яе і пазбаўляе спакою. Як грукат блізкага грому, прагучала папярэджанне, але Ірэна ведала, што ёй усё роўна не выратавацца, і ў глыбіні душы ўжо хацела таго, чаго раней гэтак баялася: каб хутчэй бліснула ачышчальная маланка, каб усё ўсплыло наверх.
* * *
Яе жаданню, відаць, суджана было спраўдзіцца хутчэй, чым яна думала. Барацьба цягнулася ўжо два тыдні, і Ірэна зусім знясілела. Апошнія чатыры дні вымагальніца не падавала прыкмет жыцця, але страх гэтак трывала ўвайшоў у Ірэніна жыццё, што пры кожным званку ў дзвярах яна ўскоквала з месца, каб самой перахапіць новыя вымагальніцкія патрабаванні. Яна чакала іх нецярпліва, з нейкаю прагнасцю, - бо, задаволіўшы гэтыя патрабаванні, яна купляла сабе спакойны вечар, некалькі мірных гадзін з дзецьмі, прагулку.
І на гэты раз, пачуўшы званок, яна кінулася з пакоя да дзвярэй, адчыніла і ў першы момант здзівілася, калі ўбачыла перад сабою багата ўбраную даму, але тут жа спалохана шарахнулася, бо пазнала пад модным капелюшом фізіяномію шантажысткі.
– А, вы самі тут, фраў Вагнер. Цудоўна. У мяне да вас важная справа.
– Не чакаючы адказу разгубленай Ірэны, якая дрыготкаю рукою ўчапілася за дзверы, вымагальніца ўвайшла ў калідор і перш за ўсё паклала парасон, крыкліва чырвоны парасон, відаць, першы плён яе грабежніцкіх набегаў. Перамяшчалася яна з незвычайнаю ўпэўненасцю, нібы ва ўласнай кватэры; акінуўшы элегантнае ўбранне адабральным і яўна задаволеным позіркам, яна без запрашэння накіравалася да прычыненых дзвярэй у гасціную.
– Сюды, пэўна?
– спытала яна з затоенаю насмешкаю, і, калі знямелая ад узрушэння Ірэна жэстам паспрабавала спыніць яе, супакойліва дадала: - Калі вам непрыемна, я доўга не затрымаюся, у мяне справа на адну хвіліну.
Ірэна паслухмяна пайшла следам. З'яўленне шантажысткі ў доме сваім нахабствам перасягнула ўсе самыя страшныя спадзяванні і зусім ашаламіла яе. Ёй здавалася, што яна сніць сон.
– Так, так, багата жывяце, нічога не скажаш, - з непрыхаваным задавальненнем зазначыла шантажыстка і села ў крэсла.
– Ах, як хораша тут сядзець. А карцін колькі! Тут толькі і пачынаеш разумець наша ўбоства. Багата вы жывяце, фраў Вагнер, вельмі багата.
Гледзячы на злачынку, якая расселася ў яе пакоі, пакутніца не вытрымала і дала волю абурэнню.
– Што вам ад мяне трэба, подлая вы шантажыстка! Як вы асмеліліся прыйсці да мяне дадому! Ведайце, я не дазволю гэтак здзекавацца з мяне. Я вас...
– Гаварыце цішэй, - перабіла тая са зняважліваю фамільярнасцю.
– Дзверы ж адчыненыя, чэлядзь пачуе. Мне што? Я ж не хаваюся. А божачка! Ці не ўсё мне адно - у турме сядзець ці гаварыць на волі. А вам трэба быць асцярожней, фраў Вагнер. Давайце я перш зачыню дзверы, на выпадак, калі вы ўздумаеце зноў пагарачыцца. Толькі скажу вам загадзя: лаянкаю мяне не проймеш.