Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Страх

Цвайг Штэфан

Шрифт:

Яна паспрабавала ўсміхнуцца.

– Што ты? Чаго ты так глядзіш на мяне? Па-мойму, мне сніўся страшны сон.

– Так, ты крычала вельмі гучна. Я пачуў з суседняга пакоя.

«Што ж я крычала, аб чым прагаварылася?
– з жахам падумала яна.
– Аб чым ён здагадаўся?» Яна баялася падняць на яго вочы. А ён глядзеў на яе вельмі сур'ёзна і пры гэтым, на здзіўленне, спакойна.

– Што з табою робіцца, Ірэна? Цябе зусім нельга пазнаць у апошнія дні - дрыжыш як у ліхаманцы, нервуешся, нейкая рассеяная. А тут яшчэ клічаш на дапамогу ў сне...

Яна зноў паспрабавала ўсміхнуцца.

– Не, ты штосьці ад мяне хаваеш, - настойваў ён.
– Можа, у цябе непрыемнасці ці што-небудзь цябе мучыць? Усе ў доме ўжо заўважылі, як ты змянілася. Не бойся, скажы мне ўсю праўду.

Ён непрыкметна падсунуўся бліжэй, яна адчувала, як яго пальцы песцяць і гладзяць яе голую руку, а вочы іскрацца нейкім асаблівым святлом. Яе неадольна пацягнула прытуліцца да яго моцнага цела, прыціснуцца, усё расказаць і не адпускаць яго, пакуль ён не даруе ёй - тут жа, калі ён бачыць, як яна пакутуе.

Але лямпа кідала сваё цьмянае святло на яе твар, і ёй стала сорамна. Яна пабаялася вымавіць жахлівае слова.

– Не турбуйся, Фрыц, - паспрабавала яна ўсміхнуцца, у той час як па ўсім яе целе да кончыкаў голых пальцаў на назе прабягалі дрыжыкі страху.
– Гэта проста нервы. Усё пройдзе.

Рука яго, працягнутая ўжо, каб абняць яе, імгненна адсунулася. Ірэна паглядзела на мужа і здрыганулася - ён быў вельмі бледны ў гэтым невыразным святле, лоб хмурыўся ад змрочных думак. Паволі падняўся ён з месца.

– А мне ўсе гэтыя дні чамусьці здавалася, што ў цябе ёсць нешта сказаць мне. Тое, што датычыцца мяне і цябе. Мы цяпер адны, Ірэна.

Яна ляжала і не варушылася, быццам загіпнатызаваная гэтым сур'ёзным, загадкавым позіркам. Як бы ўсё адразу стала добра, падумала яна, калі б яна сказала адно толькі слова, адно-адзінюткае слоўца «прабач», і ён не стаў бы распытваць - за што. Але чаму гарыць святло, бессаромнае, нахабнае, цікаўнае святло? Яна адчувала, што ў цемры магла б загаварыць. Але святло паралізавала яе волю.

– Значыцца, табе няма чаго, зусім няма чаго мне сказаць?

Якая вялікая спакуса, які мяккі голас! Ніколі ён не гаварыў з ёю гэтак. Ах, каб не святло лямпы, гэтае жоўтае, прагнае святло!

Ірэна страпянулася.

– Што ты выдумваеш?
– засмяялася яна, і сама спалохалася свайго звонкага голасу.
– З таго, што я трывожна сплю, у мяне абавязкова павінны быць таямніцы? Зрэшты, можа, і любоўныя прыгоды?

Яна ўся дрыжала, адчуваючы, як штучна і лжыва гучаць яе словы; ёй да глыбіні душы абрыдзеў яе фальш, і яна міжволі адвяла ўбок позірк.

– Ну што ж, спі спакойна.
– Ён сказаў гэта адрывіста і нават рэзка. Тон яго голасу зусім змяніўся, і голас гучаў неяк пагрозліва, як злая, жорсткая насмешка.

Ён патушыў святло. Яна ўбачыла яго бледны цень, маўклівы, невыразны, які аддаляўся, нібы начны прывід, а калі зачыніліся дзверы, у яе было такое адчуванне, быццам зачыняецца века труны. Увесь свет, здавалася, вымер, і толькі ў яе анямелым целе гулка і бурна білася сэрца, і кожны ўдар болем аддаваўся ў грудзях.

* * *

Назаўтра, калі ўся сям'я сядзела за абедам - дзеці толькі што пасварыліся, і іх ледзь удалося суняць, - увайшла пакаёўка і падала Ірэне ліст. Чакаюць адказу. Здзіўленая, паглядзела Ірэна на незнаёмы почырк і паспешна распячатала канверт. З першага ж радка яна смяротна пабляднела, ускочыла на ногі і яшчэ мацней спалохалася, убачыўшы, якое аднадушнае здзіўленне выклікала яе неабдуманая гарачнасць.

Ліст быў кароткі. Усяго тры радкі: «Прашу неадкладна даць падаўцу гэтага сто крон». Ні подпісу, ні даты пад гэтымі наўмыснымі крамзолямі, толькі жахліва нахабны загад. Ірэна пабегла па грошы ў спальню, але яна кудысьці засунула ключ ад шкатулкі і цяпер ліхаманкава высоўвала шуфляду за шуфлядай, пакуль не знайшла яго. Дрыготкімі рукамі ўклала яна паперкі ў канверт і сама аддала ліст пасыльнаму, які чакаў каля ўвахода. Усё гэта яна зрабіла несвядома, як пад гіпнозам, не вагаючыся ні хвіліны. Потым вярнулася ў сталовую - яна адсутнічала не болей дзвюх хвілін.

Усе маўчалі. Яна збянтэжана села на сваё месца і сабралася наспех прыдумаць нейкае тлумачэнне, як раптам рука яе так задрыжала, што яна мусіла хуценька паставіць паднятую шклянку - з вялікім страхам яна заўважыла, што ад хвалявання пакінула распячатаны ліст каля сваёй талеркі. Яна ўпотай скамячыла лісток, але, засоўваючы яго ў кішэню, падняла вочы і сустрэлася з пільным позіркам мужа, пранізлівым, суровым і пакутным позіркам, якога ніколі не бачыла ў яго раней. Менавіта ў гэтыя апошнія дні яго позірк так нечакана загараўся недаверам, што ўсё абрывалася ў яе ўнутры, але супрацьстаяць яму яна была няздольная. Ад такога позірку ў яе тады на балі анямелі ногі, і такі ж позірк учора ноччу, як кінжал, бліснуў над ёю ў паўсне. І пакуль яна дарэмна намагалася штосьці сказаць, у яе ў памяці раптам усплыў даўно забыты ўспамін - муж неяк расказаў ёй, што яму, адвакату, давялося мець справу з адным следчым, у якога быў свой спецыяльны прыём: у час допыту ён пераважна сядзеў, уткнуўшы нос у паперы, і толькі пасля таго, як задаваў рашаючае пытанне, імгненна ўскідваў вочы, нібы кінжал, утыкаў позірк у разгубленага злачынца, а той, аслеплены гэтым яркім выбухам праніклівасці, губляўся, адчуваў сваё бяссілле і пераставаў адпірацца. А раптам ён сам цяпер вырашыў папрактыкавацца ў гэтым небяспечным майстэрстве і абраў яе ахвяраю? Ёй стала страшна, бо яна ведала, што да свае прафесіі ён падыходзіў з такою псіхалагічнаю гарачнасцю, якая далёка перавышала патрабаванні юрыспрудэнцыі. Высачыць, выкрыць злачынца, прымусіць прызнацца - усё гэта захапляла яго гэтак жа, як другіх гульня ў карты або ў каханне, і ў тыя дні, калі ён быў заняты сваім псіхалагічным высочваннем, ён увесь унутры гарэў. Пякучы непакой, які вымушаў яго ночы напралёт капацца ў старых, даўно забытых справах, ад чужога позірку быў схаваны за жалезнаю непранікальнасцю. Ён тады мала еў і піў, толькі курыў увесь час і амаль не гаварыў, быццам сваё красамоўства бярог для выступлення на судзе. Яна толькі раз прысутнічала пры яго абароне і нізашто не пайшла б другі раз, гэтак яе напалохала змрочная апантанасць, амаль што раз'юшаная гарачнасць яго прамовы і нешта панурае, жорсткае ў выразе твару, што, здавалася ёй, яна бачыла цяпер у яго пільным позірку з-пад грозна насупленых броваў.

Усе гэтыя далёкія ўспаміны разам нахлынулі на яе ў кароткі міг, і яна не магла вымавіць ні слова. Яна маўчала, і чым далей маўчала, тым мацней хвалявалася, бо разумела, наколькі небяспечнае гэтае маўчанне. На шчасце, абед хутка скончыўся, дзеці выскачылі з-за стала і пабеглі ў суседні пакой з гучным, вясёлым шчабятаннем, а гувернантка дарэмна намагалася ўціхамірыць іх. Муж таксама падняўся і, не аглядваючыся, цяжкаю хадою пайшоў у суседні пакой.

Ледзь толькі Ірэна засталася адна, яна дастала фатальны ліст, яшчэ раз прачытала радкі: «Прашу неадкладна даць падаўцу гэтага сто крон», а потым раз'юшана парвала яго на шматкі і сабралася ўжо шпурнуць іх у урну для папер, але адумалася, нахілілася да печкі і кінула шматкі ў агонь. Калі белае полымя прагна пажэрла гэтую пагрозу, у Ірэны паспакайнела на сэрцы.

І тут яна пачула мужавы крокі - ён вяртаўся ў пакой. Яна ўскочыла, уся чырвоная ад жару і таму, што яе засталі знянацку. Дзверцы печкі былі яшчэ па-здрадніцку адчыненыя, і Ірэна нязграбна паспрабавала засланіць іх сабою. Муж падышоў да стала, запаліў сярнічку, каб закурыць цыгару, і, калі паднёс агеньчык да твару, ёй здалося, што ў яго дрыжаць ноздры, - гэта заўсёды было знакам гневу. Потым ён спакойна зірнуў на яе.

– Я хачу толькі звярнуць тваю ўвагу на тое, што ты зусім не абавязана паказваць мне свае лісты. Калі табе пажадана мець ад мяне таямніцы - твая воля.

Поделиться:
Популярные книги

Технарь

Муравьёв Константин Николаевич
1. Технарь
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
7.13
рейтинг книги
Технарь

Кодекс Охотника. Книга XII

Винокуров Юрий
12. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
аниме
7.50
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XII

Эволюционер из трущоб. Том 12

Панарин Антон
12. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 12

Дважды одаренный. Том V

Тарс Элиан
5. Дважды одаренный
Фантастика:
аниме
альтернативная история
городское фэнтези
5.00
рейтинг книги
Дважды одаренный. Том V

Волкодав

Семёнова Мария Васильевна
1. Волкодав
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
9.46
рейтинг книги
Волкодав

Кодекс Охотника. Книга XXXV

Винокуров Юрий
35. Кодекс Охотника
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXXV

Газлайтер. Том 17

Володин Григорий Григорьевич
17. История Телепата
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 17

"Искажающие реальность" Компиляция. Книги 1-14

Атаманов Михаил Александрович
Искажающие реальность
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
киберпанк
рпг
5.00
рейтинг книги
Искажающие реальность Компиляция. Книги 1-14

Бастард Императора. Том 2

Орлов Андрей Юрьевич
2. Бастард Императора
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 2

Новые горизонты

Лисина Александра
5. Гибрид
Фантастика:
попаданцы
технофэнтези
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Новые горизонты

Купеческая дочь замуж не желает

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Купеческая дочь замуж не желает

Хозяева Острога

Брайдер Юрий Михайлович
3. Тропа
Фантастика:
научная фантастика
6.57
рейтинг книги
Хозяева Острога

Ботаник

Щепетнов Евгений Владимирович
1. Ботаник
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
4.56
рейтинг книги
Ботаник

Метатель. Книга 2

Тарасов Ник
2. Метатель
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
фэнтези
фантастика: прочее
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Метатель. Книга 2